Адступник, або Затлумлёны дух (на белорусском языке) 3 стр.

Гэтаксама бясстрасна ён ухапiў мяне за нiжнюю губу, пацягнуў да сябе, пакуль не разадраў яе да самага мяса, i, не расцiскаючы пальцаў, прымусiў перакруцiцца вакол i адступiць на сярэдзiну пакоя, а потым пацягнуў за губу яшчэ, каб я ўпаў на каленi, i, кiнуўшы там, атупелага ад болю, з акрываўленым ротам, адышоў да другiх, што стаялi ўздоўж сцен. Яны глядзелi, як я курчуся ў нясцерпнай спякоце дня, што ўлiваўся праз шырока расчыненыя дзверы, не пакiдаючы нiякага ценю, i раптам у гэтым сляпучым святле ўзнiк шаман - з пальмавым пакуллем замест валасоў, перлавым панцырам, што пакрываў усё цела, у кароткай саламянай спаднiцы, з-пад якой тырчалi голыя ногi, i ў масцы, сплеценай з кугi i жалезнага дроту, з дзвюма краткамi дзiрак на вочы. За iм iшлi музыкi i жанчыны ў цяжкiх пярэстых халатах, пад якiмi нават не ўгадвалiся iх целы. Яны скупiлiся ля дзвярэй углыбiнi пакоя i пачалi скакаць у нейкiм дзiкiм, ледзь зрытмаваным танцы, яны варушылiся, вось i ўсё, i нарэшце шаман адчынiў маленькiя дзверы ў мяне за спiнай, настаўнiкi не варухнулiся, яны глядзелi на мяне, а я павярнуўся i ўбачыў фетыш, яго двухтварую галаву, як у двухвострай сякеры, яго доўгi жалезны нос, закручаны, як змяя.

Мяне падцягнулi i кiнулi перад iм, ля самага подыя, i прымусiлi пiць чорную i горкую ваду, i адразу ў галаве ў мяне запякло, i я засмяяўся, вось яна, абраза, мяне абразiлi. Мяне раздзелi, пагалiлi галаву i цела, абмылi алеем i пачалi сцябаць па твары вяроўкамi, умочанымi ў соль i ваду, а я смяяўся i адварочваў галаву, але кожны раз дзве жанчыны бралi мяне за вушы i падстаўлялi мой твар пад удары шамана, у якога я бачыў адно квадратныя вочы i ўвесь час смяяўся, захлынаючыся крывёй. Потым яны раптам спынiлiся, нiхто не гаварыў, апроч мяне, у маёй галаве пачыналася каша, а яны паднялi мяне i прымусiлi ўзняць вочы на фетыш, я больш не смяяўся. Я ведаў, што цяпер я адданы яму - каб яму слугаваць i каб iм захапляцца, я больш не смяяўся, о не, я задыхаўся ад страху i болю. I вось тады, там, у гэтай белай хацiне, за гэтымi сценамi, якiя звонку старанна палiла сонца, са скажоным аблiччам i знямоглаю памяццю, я паспрабаваў, але, паспрабаваў памалiцца фетышу, ва ўсiм свеце быў толькi ён, i нават ягоны жахлiвы твар быў меней жахлiвы за ўсё астатняе ў свеце. I тады яны звязалi мне ногi па шчыкалатках вяроўкай, даўжынёй на звычайны крок, i зноў пачалi скакаць, але цяпер ужо перад фетышам, а настаўнiкi выйшлi адзiн за адным.

Калi ж дзверы за iмi зачынiлiся, музыка зайграла зноў, а шаман запалiў з кары вогнiшча i пачаў скакаць i тупаць вакол, высока задзiраючы ногi, доўгi абрыс ягонага цела ламаўся ў кутах белых сцен, дрыжаў на iх роўных паверхнях, напаўняў увесь пакой трапяткiмi ценямi. У адным куце ён накрэмзаў чатырохкутнiк, i жанчыны зацягнулi мяне туды, i я адчуваў на сябе iх сухiя i мяккiя рукi, i яны паставiлi перада мной мiсу з вадой i насыпалi кучку зерня, а потым паказалi на фетыш, i я зразумеў, што мушу ўвесь час глядзець на яго i не зводзiць вачэй. Тады шаман пачаў адну за адной выклiкаць iх да вогнiшча i некаторых бiў, i яны енчылi, а потым iшлi i падалi нiцма перад фетышам, маiм богам, шаман жа тым часам зноў пачынаў скакаць i пасля загадваў кожнай пакiнуць пакой, пакуль не засталася ўсяго адна, зусiм маладая дзяўчына, што сядзела побач з музыкамi i якую ён яшчэ не пабiў. Ён узяў яе за касу i пачаў цягнуць, мацней i мацней, накручваючы касу на кулак, дзяўчына закiнулася назад, вырачыла вочы i выгiналася ўсё больш, пакуль нарэшце не ўпала на спiну.

Тады шаман выпусцiў яе i зароў, музыкi адвярнулiся да сцяны, а крык за маскай з квадратнымi адтулiнамi для вачэй мацнеў i рос, здавалася, да немагчымага, i дзяўчына пачала курчыцца на зямлi нiбыта ў прыпадку i нарэшце, стаўшы на карачкi, абхапiла i сцiснула голаў рукамi i таксама закрычала, але цiха i глуха, i тады шаман, нi на хвiлiну не прыпыняючы свайго крыку i ўвесь час пазiраючы на фетыш, узяў яе, порстка i люта, але твару ў дзяўчыны было не вiдаць, бо цяпер ён увесь быў схаваны пад цяжкiмi складкамi задзертага на голаў халата. А я - праз самоту i праз разгубленасць - я, напэўна, таксама крычаў, але, я роў ад жаху, крычаў нешта фетышу, пакуль ударам нагi мяне не адкiнулi да сцяны i я не ўпiўся зубамi ў соль, як цяпер грызу гэту скалу сваiм без'языкiм ротам, чакаючы таго, каго мушу забiць.

Сонца ўжо крыху зрушыла з сярэдзiны неба. Скрозь расшчылiны ў каменi я бачу дзiрку, якую яно прапякае ў распаленай блясе неба, - бы рот, балбатлiвы, як мой, якi ванiтуе нястомна патокамi полымя над палiнялай пустэльняй. На сцяжыне перада мной - нiчога, нiякай былiнкi да самага небакраю, а ззаду, там - яны ўжо, напэўна, шукаюць мяне, не, яшчэ не, адно адвячоркам яны адчынялi дзверы, каб я мог прагуляцца, пасля таго як увесь дзень працаваў у доме фетыша, прыбiраў i абнаўляў ахвяраваннi, а ўвечары пачыналася цырымонiя, i часам мяне бiлi, iншы раз не, але ўвесь час я слугаваў фетышу, фетышу, чыя выява адбiлася ўжо жалезнай пячаткаю ў маёй памяцi, а цяпер - i ў надзеi. Нiколi яшчэ, нiякi бог не апаноўваў мною настолькi i нiколi мяне так не парабашчаў, усё маё жыццё, дзень i ноч, было прысвечана толькi яму, i боль, i адсутнасць болю, цi ж гэта не радасць, - усё залежала ад яго, i нават жаданне, так, нават жаданне - пасля таго, як амаль кожны дзень я быў сведка гэтаму бясплоцеваму i лютаму акту, якi ўжо цяпер толькi чуў, але болей не бачыў, бо як i музыкi, павiнен быў глядзець на сцяну пад пагрозаю быць пакараным. Але калi я, уткнуўшыся тварам у соль, распластаны звярынымi ценямi, што мiтусiлiся на сцяне, слухаў гэты доўгi, працяглы крык, глотка сохла ў мяне, i джгучае, бясполае жаданне сцiскала мне скронi i працiнала жывот. Так iшлi днi i днi, i я ўжо амаль не адрознiваў iх адзiн ад аднаго, нiбыта яны расплаўлялiся ў сляпучай спякоце i ўяўным дрыжаннi салёных сцен, цячэнне часу злiлося ў адзiн невыразны плёхкат, з якога выляталi, праз аднолькавыя iнтэрвалы, крык авалодання i стогны ад болю, адзiн доўгi бясчасы дзень, над якiм панаваў уладарны фетыш, як дзiкае сонца над маiм домам, збудаваным са скал, i цяпер, як тады, я плачу ў няшчасцi i ад жадання, мяне спапяляюць надзея i злосць, i я прагну здрадзiць, i лiжу рулю ў стрэльбы, i лашчу яе душу, недзе там, усярэдзiне, яе душу, толькi ў стрэльбаў ёсць душы, о, сапраўды, у той дзень, як яны адрэзалi мне язык, я навучыўся любiць неўмiручую душу нянавiсцi!

Якая каша, шаленства, хр-р-р, сп'янелы ад спёкi i гневу, я ляжу, распластаны, на стрэльбе. Хто яшчэ дыхае тут? Я не магу больш трываць гэтай спёкi, якая, здаецца, нiколi не скончыцца, о, гэтае чаканне, я мушу яго забiць. Нi птушкi, нi калiва кволай травiнкi, камень i пустое высушлiвае жаданне, цiшыня, i iх крыкi, i гэты язык, што гаворыць ува мне, i з той пары, як яны мяне знявечылi, доўгая, панурая i спустошаная пакута, пазбаўленая нават росных ночаў, тых ночаў, пра якiя я марыў, зачынены разам з фетышам у сваiм салявым бярлогу. Толькi ноч, з яе свежымi зорамi i змрочнымi вадазграямi, магла ўратаваць мяне, выдраць нарэшце ў злых чалавечых багоў, але я быў заўсёды зачынены i не мог на яе паглядзець. Калi той яшчэ будзе пазнiцца, я тады ўбачу яго сам, ён уздымецца над пустэльняй i захiне сабой небакрай, звiсне з прадоння азмрочанага зенiту залатою халоднаю гронкай, з якой я ўдосталь змагу папiць, арашу сваю чорную, ссохлую пашчу, якую даўно ўжо не асвяжае жывая i мяккая плоць, я змагу нарэшце забыць пра той дзень, калi дурасць пацягнула мяне за язык.

О, як было горача, горача, раставала соль цi, прынамсi, мне так здавалася, паветра рэзала вочы, i тады ўвайшоў шаман, без маскi. За iм, амаль зусiм голая, у адной шаравай анучы, iшла жанчына, яе твар, пакрыты татуiроўкай, ад якой ён рабiўся падобны да маскi фетыша, не выяўляў нiчога, апроч нейкага злога, iдальскага здранцвення.

Назад Дальше