Ферма (на белорусском языке) 3 стр.

Некалькi разоў на тыдзень, уночы, калi мiстэр Джоўнз засынаў, яны збiралi таемныя сходы ў гумне i тлумачылi iншым прынцыпы Жывялiзму. Спачатку яны сутыкнулiся з неразуменнем i абыякавасцю. Некаторыя жывёлы гаварылi пра абавязак вернасцi мiстэру Джоўнзу, якога яны называлi "Гаспадар", або выказвалi прымiтыўныя заўвагi, накшталт: "Мiстэр Джоўнз кормiць нас. Калi ён пойдзе, мы памрэм ад голаду". Iншыя ж пыталiся гэтак: "Чаго нам клапацiцца пра тое, што будзе, калi мы ўжо памрэм?" або "Калi гэтае Паўстанне так цi так адбудзецца, дык якая рознiца, будзем мы нешта рабiць дзеля гэтага або не?", i свiнням з вялiкай цяжкасцю даводзiлася пераконваць iх, што гэта пярэчыць духу Жывялiзму. Найдурнейшыя ж пытаннi задавала Молi, белая кабылка. Цi не першае, пра што яна спыталася ў Сняжка, было: "А цi будзе цукар пасля Паўстання?"

"Не, - цвёрда адказаў Сняжок. - У нас на ферме няма сродкаў, каб вырабляць цукар. Да таго ж, табе не спатрэбiцца цукар. Ты будзеш мець аўса i сена, колькi захочаш". "А цi можна будзе мне насiць стужкi ў грыве?" - спыталася Молi. "Таварыш, - сказаў Сняжок, - стужкi, якiя ты гэтак любiш, ёсць знак рабства. Цi ж ты не разумееш, што свабода даражэйшая за стужкi?"

Молi згадзiлася, але згода яе прагучала не вельмi пераканаўча.

Яшчэ болей давялося змагацца свiнням супраць хлуснi, якую разводзiў свойскi крумкач Масей. Масей, якога асаблiва песцiў мiстэр Джоўнз, быў шпiёнам i даносчыкам, але ён быў яшчэ i разумным прамоўцам. Ён сцвярджаў, што ведае пра iснаванне таямнiчае краiны, якая называецца Ледзянцовыя Горы, куды пасля смерцi адыходзяць усе жывёлы. Ляжыць яна ў небе, адразу за аблокамi, казаў Масей. У Ледзянцовых Гарах нядзеля бывае сем разоў на тыдзень, канюшына цвiце ўвесь год, а кавалкi цукру i льняная макуха растуць на платах. Жывёлы ненавiдзелi Масея, бо ён баяў байкi i не працаваў, але некаторыя верылi ў Ледзянцовыя Горы, i свiнням даводзiлася зацята спрачацца, каб пераканаць iх, што такой краiны не iснуе.

Сама вернымi iх вучнямi былi цяглавыя конi Баксёр i Канюшынка. Iм было вельмi цяжка прыдумаць што-небудзь сваёй галавой, але, пагадзiўшыся аднойчы з тым, што свiннi iх настаўнiкi, яны паглыналi ўсё, што iм казалi, i перадавалi сказанае жывёлам у форме простых доказаў. Яны неадменна прысутнiчалi на таемных сходах у гумне i найгучней спявалi "Звяры Брытанii", якiмi канчаўся кожны сход.

Вось жа выйшла так, што Паўстанне адбылося значна раней i значна прасцей, чым усе спадзявалiся. Некалi раней мiстэр Джоўнз, хоць i жорсткi гаспадар, быў здольным фермерам, але апошнiм часам яму давялося зазнаць гора. Пасля таго як ён прайграў грошы ў судовым працэсе, ён моцна зажурыўся i прыахвоцiўся да чаркi, ды так, што гэта пачало ўжо iсцi яму на шкоду. Здаралася, што ён цэлымi днямi сядзеў у сваiм разьбяным драўляным крэсле на кухнi, чытаў газеты, пiў i раз-пораз кармiў Масея хлебнымi скарынкамi, змочанымi ў пiве. Слугi ягоныя былi лянiвыя i несумленныя, палi пазарасталi пустазеллем, стрэхi папрацякалi, занядбаныя платы пахiлiлiся, а жывёла была недакормленая.

Настаў чэрвень, трава была ўжо амаль гатовая да сенакосу. Напярэдаднi Янавай ночы, а было гэта якраз у суботу, мiстэр Джоўнз выправiўся ў Уiлiнгдан i так напiўся ў "Чырвоным iльве", што вярнуўся дадому толькi апоўднi ў нядзелю. Слугi ўраннi падаiлi кароў i пайшлi ставiць пасткi на зайцоў, не даўшы сабе клопату накармiць жывёлу. Прыйшоўшы дадому, мiстэр Джоўнз адразу ж заснуў на канапе ў гасцёўнi, накрыўшы твар газетай "Навiны свету", так што калi надышоў вечар, жывёлы ўсё яшчэ былi някормленыя. Нарэшце iх цярпенню настаў канец. Адна карова праламала рогам дзверы ў свiрне, i ўсе жывёлы пачалi частавацца з засекаў. Якраз у гэты момант мiстэр Джоўнз прачнуўся. Праз хвiлiну ён i чатыры слугi былi ў свiрне з бiзунамi ў руках i сцябалi на ўсе бакi. I ўжо гэтага галодныя жывёлы сцярпець не маглi.

Нiбы згаварыўшыся, хоць нiчога гэткага загадзя не планавалася, яны кiнулiся на сваiх тыранаў. На Джоўнза i яго людзей раптам пасыпалiся з усiх бакоў удары рагоў i капытоў. Яны зусiм разгубiлiся. Нiколi раней яны не бачылi, каб жывёлы сябе гэтак паводзiлi, i гэты нечаканы бунт iстотаў, якiх яны прызвычаiлiся без дай прычыны бiць i зневажаць, да смерцi iх напалохаў. Неўзабаве яны кiнулi спробы абаранiцца i пусцiлiся наўцёкi. Не прайшло i хвiлiны, як яны ўжо ляцелi, што мелi духу, дарогаю, якая вяла да гасцiнца, а за iмi ў пераможным iмпэце беглi жывёлы.

Мiсiс Джоўнз выглянула з акна ў спальнi i, убачыўшы, што адбываецца на двары, паспешлiва кiнула ў дарожную торбу ўсё, што трапiла пад руку, уцякла з фермы iншаю дарогай. Масей саскочыў з жэрдкi i паляцеў за ёю, крумкаючы на ўсю глотку. Тым часам жывёлы выгналi Джоўнза i яго людзей на гасцiнец i з бразгатам зачынiлi за iмi цяжэзную браму. I так, не паспеўшы яшчэ як след сцямiць, што адбываецца, жывёлы паспяхова завяршылi Паўстанне: Джоўнз быў прагнаны i ферма Мэнар стала iхняя.

Напачатку жывёлы не маглi паверыць свайму шчасцю. Першае, што яны зрабiлi - усiм гуртам абабеглi наўзгалоп ферму ўздоўж агароджы, нiбы хацелi ўпэўнiцца, што нiводная чалавечая iстота не схавалася там; пасля яны кiнулiся да гаспадарчых будынкаў, каб зацерцi апошнiя сляды ненавiснага панавання Джоўнза. Яны выламалi дзверы ў рымарнi ў канцы стайнi; цуглi, наздравыя колцы, сабачыя ланцугi, страшныя нажы, якiмi мiстэр Джоўнз пакладаў кныроў i бараноў, - усё гэта было патоплена ў студнi. Лейцы, аброцi, шоры, ганебныя аброчныя торбы былi ўкiнуты ў вогнiшча, што гарэла ў двары. Туды паляцелi i пугi. Усе жывёлы заскакалi ад радасцi, убачыўшы, як пугi занялiся полымем. Сняжок кiнуў у вогнiшча i стужкi, якiмi ў кiрмашовыя днi звычайна ўпрыгожвалi конскiя грывы i хвасты.

- Стужкi, - сказаў ён, - павiнны разглядацца як адзенне, якое ёсць адзнакаю чалавечае iстоты. Усе жывёлы павiнны хадзiць голыя.

Пачуўшы гэта, Баксёр прынёс маленькi саламяны капялюш, якi надзяваў улетку, каб схаваць вушы ад мух, i кiнуў яго да кучы ў вогнiшча.

За кароткi час жывёлы знiшчылi ўсё, што нагадвала iм пра мiстэра Джоўнза. Тады Напалеон завёў iх у свiран i выдаў кожнаму падвойную норму збожжа i па два сухары сабакам. Пасля гэтага яны сем разоў запар праспявалi ад пачатку да канца "Звяры Брытанii" i тады паклалiся спаць. Гэтую ноч яны спалi так, як не спалi яшчэ нiколi ў жыццi.

Прачнулiся яны, як звычайна, на свiтаннi i, раптам прыгадаўшы вялiкую падзею, што адбылася напярэдаднi, выбеглi ўсе разам на выган. Трохi далей на выгане ўзвышаўся невялiкi пагорак, з якога было вiдаць амаль усю ферму. Жывёлы забралiся на вяршыню пагорка i азiрнулiся навокал у ясным ранiшнiм ззяннi. Так, гэта належала iм - усё, што яны бачылi навокал, належала iм! У захапленнi ад гэтай думкi яны радасна кружылiся на месцы i падскоквалi ўгару ад шчасця. Яны качалiся ў расе, набiралi поўныя раты салодкай летняй травы, выварочвалi нагамi камякi чорнай зямлi i нюхалi яе шчодры пах. Тады яны абышлi ўсю ферму i агледзелi ў цiхiм захапленнi раллю, сенажаць, сад, стаў, гаёк. Яны нiбыта i не бачылi ўсяго гэтага раней, i нават цяпер iм было цяжка паверыць, што гэта ўсё iхняе.

Пасля яны вярнулiся да будынкаў i моўчкi спынiлiся перад уваходам у сядзiбу. Яна таксама належала iм, але яны баялiся ўвайсцi. Праз хвiлiну, аднак, Сняжок i Напалеон, налёгшы заплеччам, расчынiлi дзверы, i жывёлы ўвайшлi нясмелаю чарадою, ступаючы з вялiкаю асцярогай ад боязi што-небудзь парушыць. Яны пераходзiлi на дыбачках з пакоя ў пакой, баючыся гаварыць гучней, чым шэптам, i з багавейным страхам разглядалi неверагодную раскошу, ложкi з пярынамi, люстэркi, канапу, набiтую конскiм воласам, аксамiтны дыван, лiтаграфiю каралевы Вiкторыi над камiнам у гасцёўнi. Яны якраз спускалiся па сходах, калi заўважылi, што згубiлася Молi. Вярнуўшыся, яе знайшлi ў найлепшай спальнi.

Назад Дальше