Мінск назаўжды (зборнік)

Мінск назаўжды (зборнік)

Укладальнік Маргарыта Латышкевіч

Гарадскія апавяданні

Праект «10+10» фестывалю «Горад і Kнігі»

Мастак Лілія Бусарава


© Калектыў аўтараў, 2018

© Бусарава Л. А., ілюстрацыі, 2018

© Выдавец А. М. Янушкевіч, 2018

Ганна Севярынец


Залатая рыбка

Саша працуе ў кафэ. Так яна кажа маме, бо «сакабар» гучыць дрэнна, а кафэ нармалёва. А насамрэч яна працуе ў сакабары дзень праз дзень ў адным з гіпераў, і насупраць яе працоўнага месца прадаюцца мячы, бадмінтон, басейны, запакаваныя ў кардонныя каробкі, і ўсё астатняе для актыўнага адпачынку.

Калі вы пабачыце Сашу ў яе сакабары, у вас адразу падымецца настрой.

Па-першае Саша прывабная. У яе вялікія блакітныя вочы, пухлыя ружовыя вусны, даўгія чорныя вейкі, акуратны носік і дагледжаныя, роўненькія бровы. Залатыя яе валасы сцягнуты ў высокі хвост, і калі яна паварочваецца падаць шаўрму ці хот-дог, пірожнае ці заварное кальцо, гэты хвост вымалёўвае прыгожую траекторыю ў паветры такую самую, якую вымалёўвае хвост залатой рыбкі ў вялікім акварыуме.

Па-другое Саша павольная. Калі вы цэлы дзень лётаеце па горадзе па дробязных і нудных справах, вам гэта будзе дужа карысна: паглядзець на Сашу, прыкладам, на тое, як яна выбівае чэк. Прыгожыя белыя пальчыкі яе з акуратным, заўсёды свежым манікюрам цюкаюць у клавішу і высока-высока ўзлятаюць уверх. «Цюк! Цюк! Цюк!» Не «пі-пі-пі-пі-пі», не «цык-цык-цык-цык», як гэта робяць спрактыкаваныя прадавачкі ў маленькіх гастраномчыках «ля дома», а так, як умее толькі Саша: «Цюк! Цюк! Цюк!»

Па-трэцяе, Саша ўвесь час усміхаецца. Патаемна і прыхавана калі няма кліентаў ці прыходзіць Ніна Санна праверыць касу і шафкі. Радасна і па-сяброўску калі дзяўчаты просяць апельсінавы сок ці карзіначку з тварагом. Абяцальна і прывабна калі прыходзяць хлопцы па сэндвіч ці па шаўрму. Калі дзяўчаты набываюць шаўрму, а хлопцы карзіначку, аказваецца, што Саша ўсміхаецца не людзям, а стравам: для карзіначкі ў яе сяброўская ўсмешка, для шаўрмы абяцальная. «Падыходзьце! Я! Прынясу! Вам! Вашу! Каву!» кажа напрыканцы яна, і свет навокал залівае гарачая хваля Сашынай усмешкі. На яе немагчыма злаваць, хаця, як вы разумееце, хочацца.

Кожны дзень бывае, што ля сакабара вырастае чарга, і пакуль Саша выцюквае на касавым апараце чарговы заказ, людзі ў чарзе пераступаюць з нагі на нагу, нервуюцца, шумна выдыхаюць і крыху падскокваюць на месцы, бо кожны з іх некуды спяшаецца, а тут на табе. Але калі чарга падыходзіць, і чалавек сустракаецца вачыма з Сашай ён проста перастае нервавацца. І цярпліва чакае свой сок ці што там і сустракае з усмешкай меладычнае, бы гук званочка: «Чатыры рублі семдзесят капеек!»

Іншы раз пакупнік задае Сашы неабавязковае пытанне ці перакідвае цераз стойку дасціпны жарт, і тады ў паветра ўзлятаюць мільёны стракатых феерверкаў  гэта Саша смяецца. «Ой, вы ведаеце, калі ў мяне пытаюцца сэндвічаў, я адразу адчуваю» але тут прыязджае суровая цётка на палацёры, і шум палацёра заглушае ўсё, што адчувае Саша. Яе чуе толькі той хлопец, што жартуе з ёй цераз стойку, і яна нешта кажа яму пра сэндвічы і пра свае адчуванні, і рука яе застывае ў паветры, так і не зрабіўшы чарговы «цюк».

Яна вучыцца завочна чацвёрты курс, пед, гістфак, у яе няма бойфрэнда, сябровак і рэпетытарства, яна не любіць скрапбукінг, чытаць ці маляваць, ёй сумна ў сацыяльных сетках і гульнях, яна не можа ўзяць абанемент на фітнэс ці ў басейн, бо ў яе нязручны графік, і таму па-за сакабарам ў яе шмат вольнага часу. І яна гуляе па горадзе.

Вы бачылі яе на вуліцах, прыгожую, зграбную дзяўчыну яе нельга не заўважыць. Залаты высокі хвост мерна калыхаецца ў такт яе спакойнай хадзе і лёгенька бе па роўнай спіне. На ёй абавязковыя джынсы і кеды. Зімой яна хавае вушы пад бялюткай баваўнянай павязкай, на лета ў яе шэрая бейсболка, яна заўсёды слухае музыку ў навушніках і носіць у заплечніку бутэльку з пітной вадой.

Можна выйсці на Акадэміі навук і пайсці праспектам, паўз белыя гмахі першай бальніцы, пакідаючы за спінай і акадэмію з яе паўкруглай каланадай, і «Кастрычнік» з ягонай круглай нашлёпкай над лесвіцамі, і будзе цягнуцца справа зялёны пампезны гарадок БНТУ за чыгуннай агароджай, белыя акантоўкі аканіц, белыя калоны цэнтральнага увахода, белыя прыступкі і белыя каробкі дзвярэй на бляклай атынкоўцы службовага мундзіра карпусоў і інтэрнатаў. Зусім хутка наперадзе вырасце чырвоная дзіцячая шапачка на вежы ЦУМа, і хутчэй пабягуць дамы на правым баку праспекта, і за чорнай стужкай «Лідо» адкрыецца плошча і яе чыгуннае насельніцтва: агромністы задуменны стары, партызан з хлопчыкам, вясковая дзяўчынка і хлопец са скрыпкай, але без смыка. Аднойчы яны гулялі тут з Сашам, калі ён яшчэ ў яе быў, пілі піва, сядзелі на шэрых парапетах і рагаталі з музыкі, якому забыліся выдаць смычок.

Саша вадзіў яе ў філармонію, бо ў яго на факультэце раздавалі дармовыя білеты на канцэрт выпускнікоў нейкай музычнай школы, і яны глядзелі на настаўнікаў у даўгіх сукенках і на дзяцей у касцюмчыках, а потым употай смяяліся, калі на сцэне размясціўся аркестр і адзін хлопец, даўгі, руды і надта сурёзны, раз-пораз грукаў меднымі талеркамі над вухам трубача. І яна паварочвае ля філармоніі, падымаецца на горку, мінае шэрыя, нічым не адметныя кварталы і спускаецца па Берасцянскай да самых Вайсковых могілак. Гэтае месца ёй калісьці паказала Кацюха яны сябравалі, пакуль Кацюха не зацяжарыла і не зехала да мамы ў Валожын. Калі было цёпла, можна было пасядзець тут у цішы пад агромністай таполяй на лавачцы, адкрыўшы фальшывы замок чорнай агароджы, за якой стаяў высокі чорны помнік, і паглядзець на надпіс: «Кузьма Чорны». Гэта быў пісьменнік, але што ён напісаў, Саша ўжо не памятала, і шкадавала Кузьму Чорнага: пісаў-пісаў, а ніхто ўжо і не памятае, што. З-за пляча Кузьмы Чорнага глядзеў паўз Сашу ўглыб могілак з белага каменя Паўлюк Трус, пра якога яна якраз памятала, што «падаюць сняжынкі, дыяменты-росы», і ёй зноў было шкада Паўлюка Труса, бо калі ішоў дождж, то па ягоным твары збягалі ручаі, і падавалася, што ён плача, і таполя цягнула вецце і гладзіла яго па твары.

З могілак яна ішла на плошчу Перамогі, абыходзіла кола з ваеннымі фоткамі пад зямлёй, і там зноў садзілася на чорныя даўгія лавы спінай да невялікага зялёнага доміка на беразе ракі, і ёй заўсёды было цікава, хто жыў у тым доміку ў такім прывабным месцы, можа, якраз Кузьма Чорны ці Паўлюк Трус, бо было бачна, што цяпер там музей, а чый музей яна заўсёды ленавалася паглядзець.

І потым яна спускалася да ракі і шла ўздоўж высокага каменнага парапета, і глядзела з набярэжнай праз гнуткія вербы на высокія дамы з белымі калонамі, і калоны раслі проста праз балконы, і ёй думалася: вось, прыкладам, у Піцеры, куды яны калісьці ездзілі з гістарыцай, на кожным балконе нехта знакаміты і цікавы жыў ці проста стаяў у абдымку з каханкай, балярынай ці прыгажуняй, які-небудзь прынц, вялікі паэт ці замежны шпіён, а на мінскіх балконах толькі развешвалі бялізну і ставілі лыжы на лета.

А на другім беразе Свіслачы шапацеў лісцем парк, і яна зноў думала: парк і парк, у іншых краінах у парках таямніцы і загадкі, а ў нас толькі вавёркі і фантан.

Але яна імкнула далей уздоўж шэрай каменнай стужкі, і міма яе прабягалі шыхтам курсанты ў шортах, у майках, чорных на спіне ад поту, і яна зноў успамінала Сашу, і як ён крыўдна сышоў, і як Кацюха сказала: «Ты лучше голодай, чем что попало есть, и лучше будь один, чем вместе с кем попало», і гэты верш суцяшаў яе яшчэ пяць месяцаў пасля таго.

А потым яна пераходзіла вуліцу на светлафоры, мінала чорнае нагрувашчванне «Журавінкі», і крыху паціскала плячыма ля сіняй шкляной будыніны «Вэлкому» і чорнага, агромністага, як навальнічы цень, Палаца Рэспублікі, і ўяўляла сабе на гэтым месцы нешта такое ж высокае, але белае, тонкае, амаль карункавае, з высокімі ці то вежамі, ці то шпілямі, і нібыта плыў над вуліцай ціхі звон але гэта проста сканчалася музыка ў яе плэйлісце, і яна пераключалася на наступны.

І можна было зайсці ў «Штолле» зесці пірог з журавінамі, а можна у «Цэнтральны» і там узяць кавы і «карзінку альбу», і стаць ля акна і адпачыць ад хады, і паглядзець, як там працуюць хлопцы і дзяўчаты за стойкай, па двое, і яшчэ адна прыносіць лісты з пірожнымі з падсобкі, і як яны размінаюцца адзін з адным у той вузкай прасторы, і нешта не было бачна, каб хадзіла за імі якая-небудзь Ніна Санна штохвіліны правяраць касу і шафкі.

А ля «Макдональдса» ёй падабалася павярнуць направа, і дайсці да плошчы Свабоды, і падысці да чыгунных коней ля кіёскаў, і паблукаць па старым горадзе, уверх і ўніз, і зноў уверх. Ёй падавалася, што тут маглі б жыць якія-небудзь мастакі ці актрысы, і ў іх здараліся б раманы, і актрысы хадзілі б на бераг ракі стаяць ля вады і глядзець на хвалі. Яна прыдумвала розныя гісторыі кахання замест тых, якіх яна пра гэтае месца не ведала, і ў гэтых гісторыях было шмат жарсці і зусім няшмат радасці, хіба толькі ў той момант, калі ён схіляўся да яе і глядзеў сурёзнымі шэрымі вачыма ў яе сурёзныя шэрыя вочы.

І тут, на Зыбіцкай, яна, нарэшце, зусім стамлялася і сядзела ў кавярні на шырокіх драўляных лавах, закладзеных фіялетавымі падушкамі, і піла амерыкана, і шкадавала, што на Акадэміі не зайшла ў «Фрэшкафэ», бо там да яблычнага штрудзеля заўсёды падавалі клубнічны соус у соуснічку, а тут ім малявалі на белай талерцы чырвонае сэрца і яго немагчыма было зесці.

Дальше