Анатоль Вярцінскі
Жыцьмем
© Вярцінскі А., 2012
© ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў», 2012
© ПУП «Кнігазбор», 2012
© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2016
Ад аўтара
Можна сказаць, што нечакана для самога аўтара зборнік склаўся з двух, розных як па часе напісання, так і па жанрава-тэматычнай адметнасці, раздзелаў. Атрымалася дзве кнігі ў адной.
Першапачаткова мелася на ўвазе сабраць пад адной вокладкай толькі вершы, што пісаліся цягам апошніх, 19972011 гадоў, але па розных прычынах не ўключаліся ў асобныя выданні, у тым ліку і ў аднатомнік выбраных твораў, які выйшаў у выдавецкай серыі «Беларускі кнігазбор» (2009). Што і рабілася, укладаліся, часам з нязначнай праўкай, тэксты, якія пабачылі ўпершыню свет на старонках перыядычных выданняў ранейшага «ЛіМа», «Літаратурнай Беларусі» («Новы час»), «Народнай волі», «Полымя», «Дзеяслова», «Тэрмапілаў», «Верасня».
Ды ў працэсе падрыхтоўкі выявілася, што кніжнымі «выбранымі творамі» абыдзены на толькі некаторыя вершы, але і асобныя паэмы. Найперш загадкавы для мяне самога лірычны аповед з яго двухслоўным новатворам-рэфрэнам «Кэты-мэнэй». Напісаны аж у 1971 годзе, ён быў надрукаваны толькі ў ліпеньскім нумары часопіса «Крыніца» за 2001 год. I больш нідзе не зяўляўся. Не ўключаліся ў «выбранае» таксама датаваныя 1970-мі гадамі «Паэма мора» і дарожная паэма-эсэ «Снег і сонца. Абмен надворем жартам і ўсурёз». Перачытаў нанава ўсе гэтыя тры рэчы. Здаецца, іх абядноўвае не толькі час напісання, але і нешта духоўна-сутнаснае, прасякнутае пэўным светаадчуваннем. І яны натуральна склалі асобны раздзел кнігі.
Анатоль ВярцінскіЛюты 2012 г.Вершы апошніх гадоў (19972011)
На радзіме пеўні пяюць
Пеўня першага я пачуў праз сон.
Абудзіўся пачуў я другога пеўня.
Недалёка ад вёскі жыву колькі дзён,
але неяк той спеў даляцеў неспадзеўна.
Праспявалі пеўні і трэці раз,
на ўсё той жа высокай, пранізлівай ноце.
I замоўклі Забілася сэрца ў адказ.
Значыць, жыцьме мой родзе, мой народзе?
Значыць, вёска жыве?
Значыць, певень пяе?
па законе, што тут здаўна існуе,
па законе нязменным, спрадвечным,
і прыродным, і чалавечым.
Так даўно павялося ў нашых краях,
што дзень новы нам певень абвяшчае,
абвяшчае і дзень ён, і зборы ў шлях,
і сяўбу, і касьбу, і збор ураджаю.
Певень гэты жывучы пяючы наўздзіў.
Цяжка край уявіць без гэтай птушкі.
Ён Скарыну будзіў, ён Купалу будзіў,
ён будзіў касінераў Кастуся і Касцюшкі.
На маёй Беларусі певень пяе.
Певень голасна будзіць: «Беларусы, не спіце!
Тым, хто рана ўстае, таму Бог дае.
Прачынайцеся, справу рабіце!
Прабуджайцеся! Справу рабіць самы час!
Не здавайцеся паняверцы і скрусе!
Бо інакш праспіце свой апошні шанс»
Пеўні звонка пяюць на маёй Беларусі!
Беларушчына. Трыпціх
1. Беларускі шлях
Беларускі шлях.
Пыл і пот,
стогн і страх.
Колаў скрып у каляіне.
Птушкі прысвіст на каліне.
Гацім гаць:
«Га-а-а-х!»
Беларускі шлях.
Бліскавіц зігзаг.
Сінь смугі ды хлеб надзённы.
Хто вядзе, а хто вядзёны?
Гацім гаць:
«Га-а-а-х!»
2. Беларускі дом
Беларускі дом
Ён рэальнасць
ці фантом?
Ці наяве тая ж хата,
што шыбінай слепаватай
на свет глядзіць вінавата?
Толькі хатка, а не дом?
Беларускі дом. Беларускі сіндром.
Які ж дом, калі на куце,
выпнуўшы нахабна грудзі,
госць сядзіць гаспадаром?
Які ж гэта дом?
3. Беларуская ідэя
Беларуская ідэя.
Яна роспач
ці надзея?
Гучыць рэха: «дзе я?.. дзе я?..»
Беларуская ідэя.
Толькі слова,
ці і дзея?
Гучыць рэха: «дзе я?.. дзе я?..»
Рэха ў лесе, рэха ў полі.
Чаго ў рэху гэтым болей?
Веры, скрухі або смеху
ў гэтым рэху?
Параўнанні
Што робіцца? пытаюся з трывогай.
Прыходзяць параўнанні на падмогу.
То вечарам, то ў сне, то ўранні
прыходзяць нечакана параўнанні.
Прыходзіць на падмогу параўнанне
як сродак спасціжэння і пазнання.
Першае. Яно, гэтае параўнанне
(тут я пераходжу на свабодны верш),
прыйшло раніцай на вакзале.
Дакладней на прывакзальнай плошчы
з яе шматлюдным снаваннем туды-сюды,
з яе хаатычным броўнаўскім рухам.
Убачыў, адчуў фізічна,
адчуў плячамі, локцямі, падэшвамі ног
гэту плошчу,
убачыў, адчуў фізічна натоўп пасажыраў,
кожны з якіх шукаў на табло і ў раскладзе,
а таксама шляхам роспыту
свой цягнік і свой перон
і кожны з якіх спяшаўся на свой цягнік,
убачыў і адчуў я ўсё гэта
і падумаў, адкрыў раптам для сябе:
«Чакай! Дык гэта ж так падобна
на нас, сённяшніх беларусаў
як соцыум, як народ.
Гэта ж мы, беларусы, сёння
на новым гістарычным раздарожжы,
вось так мітусліва снуём,
кідаемся ў розныя бакі,
бяжым кожны на свой цягнік
Замест таго, каб збірацца разам,
разам выбіраць маршрут,
разам вырашаць, якім цягніком,
ад якой платформы і з якога пуці
адпраўляцца супольна ў шлях
Другое. Прыйшло днём
у гадзіннікавай майстэрні.
Чакаючы сваёй чаргі,
я стаў міжволі разглядаць
расстаўленыя на паліцы гадзіннікі.
I ледзь не засмяяўся ўголас
ад свайго, так бы мовіць, адкрыцця.
Здадзеныя ў рамонт
са спыненым ходам гадзіннікі
паказвалі абсалютна розны час.
Настольны, у прыгожай драўлянай «пад арэх»
аздобе
3 гадзіны 5 мінут;
насценны, са светлым керамічным цыферблатам
9 гадзін 9 мінут;
стандартны, круглы, з колцам наверсе будзільнік
12 гадзін 20 мінут
I гэтак далей.
Я нават паглядзеў машынальна на свой гадзіннік:
«Колькі ж гэта насамрэч часу?»
Я нават удакладніў, спытаўся ў жанчыны,
якая стаяла перада мной:
«Колькі, прабачце, на вашым залатым?»
I потым падумаў раптам, вяртаючыся дамоў,
што гэта майстэрня нагадвае
наша грамадства, наш беларускі дом.
Парушылася калісь наша гістарычная памяць.
Разладзіўся механізм нашага гістарычнага
гадзінніка.
Распалася сувязь часоў і падзей.
I вось мы блукаем сёння ў часе.
І вось жывём па розных гадзінніках,
не вельмі імкнучыся звяраць іх.
I вось у адных адзін адлік часу,
а ў другіх другі
Мы народ без спраўнага,
адзінага для ўсіх, гадзінніка.
Трэцяе. Яно мае цыганскую афарбоўку.
Чаму цыганскую?
«Цыган не паган, толькі цела закапцела?..»
Ну, так. Вядома. Нічога супраць цыганоў не маю.
Проста справа ў тым, што некалькі гадоў назад
я жыў у доме, які выходзіў тарцом да Старажоўскага рынку
(нядаўна знесенага па нейкай прычыне).
Па нядзелях на рынак прыязджалі цыганы.
Іншы раз, пасля таргоў, спыняліся ў двары нашага дома.
I вось аднойчы ў базарны дзень
я пачуў нейкі шум і гам.
Я выглянуў у акно і ўбачыў маляўнічую сцэну:
каля сваіх павозак сварыліся і біліся цыганы.
Усхадзіліся, біліся ўсе як ёсць,
усім табарам, усе з усімі.
Зрэшты, «біліся», бадай, не зусім тое слова.
Яны больш крычалі, тузаліся, штурхаліся
Стараваты, тоўсты штурхаў у грудзі маладога, хударлявага,
адна цыганка намагалася схапіць за валасы другую,
а тая, другая, у сваю чаргу,
замахвалася на бліжэйшага да яе цыгана
ў яркай, наросхрыст, кашулі,
ці не мужа першай.
Цікавы быў фінал.
Калі самае малое цыганя
падбегла да старэйшага, тоўстага
і таўханула яго ў жывот,
то бойка на гэтым і скончылася.
Цыганы хуценька паселі на вазы
і падаліся туды, адкуль зявіліся.
«Bellum omnium contra omnes»
толькі і паспеў я сказаць ім услед.
Цыганская разнавіднасць
«вайны ўсіх супраць усіх»
У апошні час я не-не ды і згадаю
тую, так бы мовіць, татальную сварку-бойку
Падстаў для згадкі, пагадзіцеся, больш чым дастаткова.
Тое, што адбываецца ў краіне,
калі нас падзяляюць і свараць,
калі нас сутыкаюць ілбамі,
калі нас проціпастаўляюць аднога
адному настройваюць адных супраць другіх,
усё гэта так нагадвае
«вайну ўсіх супраць усіх»
у згаданым мной цыганскім варыянце.
Чацвёртае. Яно прыйшло мне ў сне.
Прыснілася на досвітку, што недзе,
ці то на тым жа вакзале,
на той жа, зноў-такі, прывакзальнай плошчы,
ці то на нейкім іншым бойкім месцы,
сабралася нас вельмі шмат,
сабраўся нас цэлы натоўп.
Дзеля чаго сабраліся? З якой нагоды?
З якою мэтай? Ніхто не ведае.
Не ведаю і я таксама.
Спрабую дапытацца, але ўсё марна.
Чуваць нечы трывожны крык,
але сэнс яго незразумелы.
I вось ад гэтага няведання,
ад гэтай няпэўнасці,
ад гэтага трывожнага незразумелага крыку
нам усім робіцца страшна,
нас усіх ахоплівае спуд.
I мы пачынаем усім гуртам
бегаць, мітусіцца,
кідаемся ў розныя бакі.
Ці то каб некуды паспець,
ці то каб ад некага схавацца
Прачынаўся я з адчуваннем таго спуду,
таго вялікага перапалоху,
які толькі што перажыў у сне
і пра які палякі кажуць: «Owczy pęd».
«Овчы пэнд» Пэнд і спуд
гэта, здаецца, не адно і тое ж,
але блізкія не толькі па гучанні,
але і па сэнсе словы.
Які сялянскі сын не ведае,
што ўяўляе сабой бег спуджанага статка!
Словам, сон быў у руку.
Сніўся мне мой родны беларускі люд.
Яго называюць: рахманы, ціхамірны, талерантны
Дададзім яшчэ і гэты эпітэт «спуджаны».
Такія вось прыходзяць параўнанні.
Прыходзяць неяк самі Далібог!
Пры намаганні ўсім, пры ўсім старанні
я выдумаць бы іх ніяк не змог.
Прыходзяць на падмогу параўнанні
і высвятляюць маёй тэмы грані.
Уціраемся?
Уціраемся?
Маналог «нацдэма», вытрыманы ў запытальнай інтанацыі
Як сведчаць гісторыкі, «распрацоўка» арыштаваных, выбіванне з іх «чистосердечных признаний» падчас сталінскіх рэпрэсій суправаджаліся рознымі садысцкімі метадамі «фізічнага ўздзеяння», г. зн. катавання. Яны мелі свае назвы: «табурэт», «вятрак», «мазгі ў столь» і г. д. Адметнасцю некаторых з гэтых метадаў было тое, што вязням, асабліва «нацдэмам», яшчэ плявалі ў твар. Для большай эфектыўнасці допыту.
Вось так нас катавалі.
Білі і ў твар плявалі.
Плявалі проста ў твар.
Удар. Плявок. Удар.
А мы як рэагавалі
на тое, што плявалі
нам проста ў вочы, у твар?
Пляўкі прымалі, як дар?
Лаяльнымі быць стараліся?
Скараліся і ўціраліся?
Плявок. Удар. Плявок.
Крыві ўласнай глыток
Вось так нас катавалі.
А мы? Не пратэставалі?
Не ўскідвалі кулакі
у адказ на пляўкі?
Уціраліся нема?
Маўляў, такі лёс «нацдэма»,
лёс «беларускіх сыноў»
скарацца зноў і зноў?
Уласнай крывёю салёнай
ды катаўскай слінай шалёнай
уцерліся мы тады,
у смутныя тыя гады?
А потым? Песня старая ўсё?
Уцерліся і ўціраемся?
Удар. Плявок. Глыток.
Уцерся зноў, браток?..
Дзед i ўнук
Вечар згушчаецца за акном.
Чуюцца ўнукавы ціхія слоўцы:
«Дзеду, пабудзь ля мяне перад сном,
дзеду, пагладзь мяне па галоўцы».
Вярнуўся са школы, пытанне ў вачах.
Пытанне пра сцяг бел-чырвона-белы
«Мы летась вучылі, што князь наш быў смелы:
павязку сарваў ён, і ўзняў, як сцяг,
і воінаў зноў павёў за сабой,
і стаў уцякаць пераможаны вораг
Чаму ж пра той сцяг дрэнна гавораць,
калі мы тады выйгралі бой?»
Вечарам той жа размовы працяг:
«Чаму не ўсе любяць прыгожы наш сцяг?
Ён сёння прысніцца мне, я ведаю
Пагладзь па галоўцы мяне, дзеду».
Паходжанне прозвішча
Акадэміку Радзіму Г. Гарэцкаму
Адкуль яно, гэтае «імярэк»?
Адначасна ад «гор» і «рэк»,
а не толькі ад «гаротнага».
Ёсць тут доказ ад зваротнага:
бо яны цвёрдай, скальнай пароды,
іх душы як чыстых рэчак воды
Адкуль яно, гэтае найменне?
Ад «гараванне» і «гарэнне».
Ляталі-гайдалі лёсу арэлі
Яны гаравалі і гарэлі.
Кідалі-ўздымалі жыццёвыя хвалі
Яны гарэлі і гаравалі.
Гарт набывалі ў суровым горне.
Лепшую долю мужна агорвалі.
Такія яны ужо Гарэцкія.
Арэшкі мацнейшыя за грэцкія
Арэх ад арэшыны.
Жолуд ад дуба.
Слухаць уцешна,
бачыць люба.
Шукальнік залежаў,
стваральнік карт.
Гонар.
Годнасць.
Горан.
Гарт.
Як быць з НАТА?
Пытаюся ў дзядзькі Ігната,
як ставіцца ён да НАТА.
Ён хмыкнуў хітравата,
і чую я ў адказ
хрыплы дзядзькаў бас:
«Чаго ўжо тых хаўеры
баяцца нам, як халеры?
Не будуць чапаць яны нас.
Сам не рабі ліхога
і не бойся нікога.
Так вось мяркую
і я, і баба мая».
Тут адчыняецца хата
і выходзіць Агата.
Кажа: «Вы ўсё пра
НАТА? Далося ў знакі яно,
а мне дык ўсё адно.
На мой жа розум жаночы,
дык хай жыве, хто з кім хоча,
хто да каго ахвочы»
Ігнат ускрыкнуў ажно:
«Ну, хопіць, Агата, досць!
Разышлася ты надта!
Што падумае госць?
Няма на вас, баб, НАТА!..»
Мінута маўчання
Стагоддзі нягод,
змагання гады,
гадзіны адчаю
Мінута маўчання.
Бой барабанаў,
гул галасоў,
салютаў гучанне
Мінута маўчання.
Маўчаць абеліскі,
крыжы і пліты маўчаць,
маўчаць незвычайна
Мінута маўчання.
Сказаны словы,
ды мала тых слоў
для ўшанавання
Мінута маўчання.
Думкай убачыш,
зазначыш душой
больш, чым вачамі
Мінута маўчання.
Цэлую вечнасць,
імгненняў мільён
мінута змяшчае
Мінута маўчання.
Мінута маўчання.
Мінута маўчання.
Калі гвалтуюць Айчыну
Грудзьмі тулюсь к ёй, як да матчыных грудзей.
I калі здзекваецца нада мною хтосьці
Над Бацькаўшчынай здзекваецца ён маей,
Калі ж над ёй мяне тым крыўдзіць найцяжэй.
О Русь моя! Жена моя!..