Аксана Данільчык
Блюмэнштрасэ
Аўтарка выказвае шчырую падзяку Святлане Калядцы за сяброўскую падтрымку
У афармленні кнігі выкарыстаны фотаздымак Аксаны Данільчык
© Выдавец А. М. Янушкевіч, 2018
© Распаўсюджванне e-book. ТАА «Электронная кнігарня», 2018
I
«як заціхае перад бурай свет навакольны а пасля»
як заціхае перад бурай свет навакольны а пасля
зямлі напружанай дыханне напятыя адчуюць душы
калі спыняюцца ўсе рэкі
а рыбы дасягаюць дна
і птушкі стрымліваюць голас
каб гэтай цішы не парушыць
па ўсіх вятрах і кантынентах па ўсёй бязмежнасці зямной
вібруе чуйнае паветра блакітнай хваляю трывогі
і нашых душаў абалонкі
руйнуе гэты неспакой
і высыпаюцца пачуцці
на непралазную дарогу
на вежах круцяцца радары і пачынаецца адлік
зваротны да крытычнай кропкі
дзе ў перспектыве толькі мінус
а шыхт напружаных вайскоўцаў ад нечаканасці прыціх
і нахіляючы галовы
калашнікавы прэч адкінуў
апладысментаў мерным гукам скануецца жывы прасцяг
адзначаны адсутным словам
і ўпартай стрыманасцю жэстаў
хто самазванец хто сапраўдны хто гаспадар а хто ў гасцях
самасцвярджаецца прастора
маўклівай акцыяй пратэста
«хачу забыцца што ёсць страх хачу забыцца»
хачу забыцца што ёсць страх хачу забыцца што нам даводзіцца за ворагаў маліцца
што верабі хаваюцца пад дах злавесны лёд навіс на абразах што нейкі ціхі голас шэпча
за ворагаў трэба не проста маліцца у ворагаў трэба яшчэ і вучыцца
адкінуць пустыя размовы вучыцца перамагаць паступова вучыцца перамагаць раптоўна са стараннем падвойным
і сіні снег цячэ прадоннем рэк і адгукаецца далёкі смех
я стаўлю свечку і наперад
step by step
«цішыня што нас выпрабоўвае»
цішыня што нас выпрабоўвае
падкрадаецца ззаду на дыбачках
закрывае нашыя вочы сваімі цёплымі пальцамі
цішыня што нас размяркоўвае
раскладае быццам па скрыначках
раздзяляе нас па адлегласцях
быццам мы вінаватыя
быццам мы вінаватыя
што таксама праклятыя
што і мы дакрануліся
у свой час не прачнуліся
а я прызвычайваюся да цішыні
шукаю яе ў схованках за шклянымі дзвярыма
у разрэжаным паветры чужой тэрыторыі
дзе мы як калісьці мурыны ў далёкай прэторыі
я раблюся сама цішынёй
прарастаю яе ліянамі
разліваюся акіянамі
выцясняючы гукавыя хвалі
цішыня нібыта каралі
сціскае шыю маю нерухома
і знясільвае
быццам стома
________________________________________
я свой голас схаваю ў шуфляду
і забудуся замкнуць на замок
і пакіну яго без нагляду
каб у сінюю далеч уцёк
і звінеў сярод роднага гаю
быццам звон што на свята склікае
blow-up
ёсць коміны падобныя да вежаў
яны глядзяць у ростаняў бязмежжа
другія сны з іх вышыні відаць
якія паглынулі назаўсёды
гісторыю краіны і народа
яны затоена і стрымана маўчаць
там круціць флюгер лічбу пакрыёма
год перад-рэпрэсійны дваццаць сёмы
зусім нябачны ў тлуме гарадскім
і толькі сілаю павелічэння
вяртаюцца далёкія імгненні
як лёгкі пах як воблака як дым
і можна ўбачыць зноў на вулках гэтых
драўляны Менск і маладых паэтаў
ні высылак ні страчаных гадоў
на некранутых дворыках Нямігі
ляжаць іх недапісаныя кнігі
да лепшых дзён да самых лепшых сноў
дзень памяці
дзень памяці
а чаму ж сёння ніхто не аплаквае вас беларусы
хіба вашыя дзеці не ўздымаліся дымам
над неўзаранымі палеткамі
хіба вашыя вочы не былі сухімі
бо не маглі болей плакаць
хіба вы не баяліся ўдзень немцаў
уночы партызанаў
раніцай венграў
увечары латышоў
а кожны сябар у любую хвіліну мог стаць ворагам
чаму ніхто не аплаквае гэты суцэльны страх
хто прыйшоў хто сышоў
хто застаўся хто згінуў
не ведаю
ведаю што
дзве знаёмыя мне жанчыны сустракалі вайну
з немаўлятамі на руках
дзеля каго ўсе гэтыя парады
хіба гэта вашыя танкі
хіба гэта вашая зброя
хіба гэта вашыя сцягі
хіба гэта вашыя перадавыя
у маіх бабуляў была іншая перамога
немаўляты засталіся жывыя
чаму ж сёння ніхто не аплаквае вас беларусы
«калі Вы стаіце насупраць мяне такі рэальны»
калі Вы стаіце насупраць мяне такі рэальны такі сапраўдны і даверліва гаворыце пра наступныя цяжкія але ўдарныя пяць гадоў хіба я магу Вас пакрыўдзіць
хіба я магу сказаць што я не старшыня ніякай камісіі і нават ніколі не кідала за Вас белы шар
але маё маленькае змаганне за родныя літары мае куды большы сэнс чым усё Вашае змаганне за ўладу
бо ў гісторыі якая не мае ўмоўнага ладу але якую імкнуцца перапісаць зноў і зноў нішто не апраўдвае прабітых галоў
а сумленне пакуль яшчэ ніхто не адмяняў
«Жанчыны без вачэй і без голасу»
Жанчыны без вачэй і без голасу
разыходзяцца па інстанцыях
запаўняюць праўладныя калідоры
і прылеглыя тэрыторыі
забываюцца на ўласныя думкі
і не маюць уласнай гісторыі
Нашто яна ім?
Кожную раніцу па-над плошчамі
уздымаецца шэры дымок
прэзідэнты бягуць на працу
варыцца кава
Колькі вас
без вачэй і без голасу
ўціснутых у шэрыя сцены?
Пакаленне змяняецца пакаленнем.
Таму што сістэма шукае людзей сістэмы
таму што сістэма стварае людзей сістэмы
___________________________________________
Жанчыны без вачэй і без голасу
разыходзяцца па інстанцыях
запаўняюць праўладныя калідоры
і прылеглыя тэрыторыі
забываюцца на ўласныя думкі
адмаўляюцца ад уласнай гісторыі
«нешта зламалася»
нешта зламалася
такі bello y malo comoSatánдобра пастаўленым голасам спрабуе выказаць чужую волю наконт таго што робіць каштоўнасці адноснымі кампрамісы апраўданымі а ўсмешкі шчырымі а таксама пра перавагу таварна грашовых падыходаў да ўсякага роду стасункаў але гэтая воля ўжо непадуладная ніякім рацыянальным катэгорыям
не думай што ты толькі назіральнік твае вочы злучаюцца з гэтай прасторай у мностве атамаў губляецца тваё цела і хтосьці спяшаецца туды дзе можна яшчэ паспець засведчыць момант твайго распаду
нешта зламалася
на плошчу дзе енчаць валацужкі далятае пах гуакамоле
астурыяс адпачывае
развітанне з Еўропай
мост над Нямігай
між адной амбасадай і другой
на якім мінакоў амаль не бывае
дыханне паўночнага ветру гайдае
і то падымае то апускае
на спіны тралейбусаў
магчыма некалькі стагоддзяў таму
я б апынулася сярод плыні
і размахваючы рукамі
маліла аб ратаванні
а цяпер тут няма вады
толькі падае снег
толькі мост дрыжыць
па-над плынню машын
і змагаецца
з бесперапынным хістаннем
я імкнуся на ім утрымацца
не зваліцца і не разбіць галаву
бо тут і цяпер
я на гэтым уздыбленым мосце
жыву
а жоўтыя зорачкі
сплываюць у бок Раманаўскай Слабады
за невядома які далягляд
сіні фон вечаровага неба ізноў пусты
і невядома
ці будзе нехта чакаць іх назад