Пра Вяллю, рыбу і рыбалку. Нататкі вандроўніка з Вілейкі

Міхась Міхалевіч

Пра Вяллю, рыбу і рыбалку

Нататкі вандроўніка з Вілейкі

© Міхась Міхалевіч, 2017

© Кнігазбор, 2017

© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2017

Ад аўтара

Кожныя звесткі аб рацэ Віліі (па мясцоваму, вышэй да г. Вілейкі Вільлі, а ніжэй па цячэнні Вяллі, а пасля Быстрыцы, пасля мяжы з Літвой,  Neris) лепш узбагачаюць адчуванні не толькі вандроўніка, які сплаўляецца па гэтай рацэ, альбо рыбака, які адпачывае на золку з вудай, але і іншых жыхароў Віленскага краю (беларускага Павілля). І нават, думаю, астатніх жыхароў Беларусі і нават Літвы, запаўняючы падзеямі, байкамі, міфамі нішы навакольнай прасторы, цяперашняга і мінулага часоў. Чым глыбей веды пра насельнікаў ракі, аб прыродных і культурных помніках, аб гісторыі ўзбярэжных паселішчаў, аб традыцыях і лёсах мясцовых жыхароў тым наш час пры сплаве па рацэ, наша існаванне ў цэлым становіцца багацейшым, любыя ўчынкі, рашэнні і проста сяброўскія размовы на беразе Вяллі, нашы спевы і тосты за юшкай пад кілішак жытнёвачкі робяцца больш асэнсаванымі.

Менавіта любоўю да прыроды, да Вяллі дыктуецца жаданне распавесці пра тое нешматлікае, што атрымалася запісаць за часы сплаваў і пешых вандровак, прыгадаць з дзяцінства і юнацтва, з размоў са знаёмымі і незнаёмымі жыхарамі паселішчаў на берагах ракі, пакуль яшчэ жыла вёска; што цяпер засталося малапрыкметнымі слядамі альбо зусім знікла ў багне заплываючых балотам старарэччаў, а некалі яе прыгожых і чыстых берагоў з залатога пяску.

Вяллі былі прысвечаны кнігі нашых славутых землякоў у ХІХ стагоддзі графа Канстанціна Тышкевіча, Ігнація Ходзькі.[1] У ХХ стагоддзі былі надрукаваны кнігі пра Вяллю, пачынаючы з вытоку, нашых суседзяў ураджэнца Мядзельшчыны (з Кабыльніка), знакамітага прафесара з Вільні Чэслава Францавіча Кудабы, манаграфія прафесара з Клайпеды Вікентаса Вяйткевічуса. Да знаёмства з літоўскім кінарэжысёрам Вітаўтасам Дамашавічусам мне ніколі не прыходзіла ў галаву думка напісаць кнігу пра Вяллю, пра рыбалку, але Вітаўтас прапанаваў, а Віталь Кастэнка настоіў, падбіўшы мяне, дылетанта, да краязнаўчай працы, публікацый у газетах пра Вяллю, да ўдзелу і напісання навуковых дакладаў да канферэнцыі ў Вільні і да Тышкевічаўскіх чытанняў у Логойску, Вілейцы, Валожыне. Не мне казаць, што з гэтага атрымалася, а чытачу і прафесійным крытыкам. У гэтай кнізе сабраны меркаванні пра верхнюю і сярэднюю часткі ракі, пра экалогію самых простых людзей: рыбакоў і старых жанчын, якія пражылі жыццё на яе берагах. Успаміны пра традыцыі і неверагодныя па трагічнасці лёсы мясцовых жыхароў, пра плытагонаў, пра векавыя дрэвыпомнікі на ўзбярэжжы не ўвайшлі ў гэту працу дасць Бог, яшчэ калі-небудзь апрацуюцца і надрукуюцца.

Назва, прадмова і тэксты большасці частак кнігі дадзены на роднай мове, тэкст адной з частак (успаміны жыхароў)  на трасянцы ці рэгіянальнай мове менавіта так, як мне казалі тутэйшыя людзі. Да матэрыялаў кнігі, што запісаны ад рэспандэнтаў і апрацаваны мной, прашу адносіцца субектыўна. Гэта не ісціна ў апошняй інстанцыі: у адной вёсачцы кожны мае як свае ўспаміны, так і свой погляд на тую ці іншую зяву, па-рознаму распавядае пра адно і тое ж здарэнне нават на працягу дня ці калі не ў гуморы, галодны; ці закурыўшы папяросу пасля сытнага абеду, а сама лепш пасля кілішка, другога.

Кніга прызначаецца невялікаму колу чытачоў: аматарам рыбалкі, вандровак і гісторыі роднага краю пераважна юнакам і мужчынам, хаця, спадзяюся, можа, і знойдзецца якая жанчына, што здолее яе дачытаць да апошняй старонкі, бо недзе ёсць у ёй з пяць кулінарных рэцэптаў як гатаваць юшку.

З павагай да майго высокашаноўнага чытача,

Міхась Міхалевіч.

Частка І. Унікальнасць Віліі

Рыбец і жэрах, ласось і мінога

Літоўская вада багатая на велізарную разнастайнасць вялікіх і малых рыб.

Канстанцін Тышкевіч. «Вілія і яе берагі», 1871 год

Рака Вілія выцякае з бягомльскіх балотаў і нясе свае воды да Балтыкі, зліваючыся з Нёманам у г. Каўнасе. Працягласць ракі 510 км: па Беларусі 282 км, па Літве 228 км. Раку можна ўмоўна (паводле Чэслава Кудабы) раздзяліць на тры характэрныя ўчасткі верхняе, сярэдняе і ніжняе цячэнні. Верхняе цячэнне мае няспешны характар, рака звілістая, шырыня рэчышча ад 12 метраў у вярхоўях да 60, а месцамі і да 100 метраў ў месцы сутокі з р. Нарач. У сярэднім цячэнні (каля в. Данюшава) берагі пачынаюць узвышацца, рака бяжыць як у каньёне, сустракаюцца камяні, парогі, перакаты, мелі, астравы. У ніжнім цячэнні, пасля Вільні, рака ўжо мае значную шырыню, берагі часта высокія, быццам на ўральскіх перадгорях. Асноўныя прытокі Віліі рэкі Дзвіноса, Сэрвач, Ілія, Уша, Нарач, Ашмянка, Страча, Жаймяна, Вілейка.

Унікальнасць Віліі для Рэспублікі Беларусь вызначаецца, па-першае, прасторавай сувязной роляй з мінулым і будучым нашага краю: на гэтай рацэ, былой дарозе жыцця, знаходзіцца Вільня, наша агульная старажытная сталіца Вялікага Княства Літоўскага, а таксама першыя сталіцы летувісаў Кернава і Коўна. Па-другое, гэта толькі адна з трох рэк, што працякаюць у Рэспубліцы Беларусь, якая наўпрост злучаецца з Балтыйскім морам і якую насяляюць паўпраходныя рыбы. Бо астатнія зарэгуляваныя, перакрытыя плацінамі без уладкавання рыбаходаў. Па-трэцяе, прыродныя асаблівасці: наяўнасць 12 «сябрынных» парогаў, што надае рацэ асаблівую сакральнасць; вялікая колькасць легендаў, курганоў і помнікаў прыроды і гісторыі нашага краю, якія яшчэ захаваліся да сённяшніх дзён; хутары, засценкі, вёскі і мястэчкі, у якіх яшчэ можна сустрэць бабуль і нават дзядуляў апошніх карэнных жыхароў, што не пажадалі змяніць прапіску ў пошуках лепшага жыцця, якія радавымі каранямі сыходзяць у глыб часоў і берагоў, па меншай меры, на 1020 пакаленняў, якія зяўляюцца носьбітамі рэгіянальнай мовы, традыцый, асноваў і мясцовых звычаяў слаўных крывічоў і ліцвінаў; а таксама наяўнасць Вілейскага вадасховішча самага вялікага (на сёння) па плошчы штучнага вадаёма ў Рэспубліцы Беларусь, канала Вілейска-Мінскай воднай сістэмы (далей ВМВС), па якім частка вадасцёку перакідваецца праз водараздзел у басейн Дняпра і далей у Чорнае мора.

Такім чынам, адразу з Вілейкі водным шляхам пасля 1976 г. можна трапіць не толькі ў Вільнюс, Каўнас, Клайпеду і амаль у Калінінград да Канта, але і ў Мінск, Бабруйск, Светлагорск, Рэчыцу, Кіеў, Канеў, Чаркасы, Крамянчуг, Днепрапятроўск, Запарожжа, Кахоўку, Херсон і ледзь не ў Адэсу (па такім маршруце, мэта якога была за пяць гадоў дасягнуць два моры, трацячы па 30 дзён штогод (цэлы водпуск) на пэўны ўчастак ракі, пачаў сплаўляцца пад ветразем на ўласным швертбоце «Мева», пачынаючы ўжо з 1974 г. карэнны віляйчанін, мой цёзка па прозвішчы Эдуард Міхалевіч, але гэта ўжо зусім іншая гісторыя). Да 1976 года старажытны шлях з вараг у грэкі быў трохі даўжэйшытолькі з самых вярхоўяў Віліі, праз р. Валачанку і Поню, што ля Мільчы можна было трапіць у р. Беразіну і далей у Днепр.

Лепш за нашых класікаў Канстанціна Тышкевіча і Ігнація Ходзькі нельга апісаць раку Вілію: «кожная рака мае сваю мінуўшчыну, сваю гісторыю, свой аўтарытэт, набыты дзякуючы карысці, якую прыносіць краіне; мае свой характар і ўласцівыя ёй рысы. Кожная рака цячэ, нібы чалавечае жыццё: у маленстве выцякае з крыніцы спачатку нязначная, потым папаўняецца маленькімі рэкамі; яна быццам бы вучыцца і набывае досвед, вырастае, набірае сілы, становіцца сталай і пачынае прыносіць карысць, калі млыны ці іншыя механізмы варочае, калі на сваім хрыбце цяжкія гружаныя судны з месца на месца ці з краіны ў краіну перавозіць. То бурлівая і пенная, нібы ў гневе, то зноў цячэ ціха і спакойна; далей глыбокая і сурёзная, як чалавек, які глыбока задумаўся, то зноў неглыбокая і шамаціць, весела коціцца па каменьчыках. Шмат разоў у сваім цячэнні какетліва фліртуе і галубіцца са сваім чароўным берагам, беручы яго ў свае абдымкі, як мужчына абдымае сваю каханую жанчыну і ў прывабных абдымках і салодкіх пацалунках шукае кахання і шчасця. І ў канцы свайго шляху становіцца шырокай, сталай, сурёзнай і разважлівай; і марудна, як рухаюцца зусім старэнькія людзі, упадае ў вялікія воды, якія яе паглынаюць, дарэмна спрабуючы захаваць хоць нейкія прыкметы актыўнага жыцця і сляды свайго існавання; і, нарэшце, захопленая вялікай сілай, прападае ў марскіх глыбінях, як знікаюць сляды чалавечага жыцця ў вечнай прасторы. Чалавек адраджаецца ў наступных пакаленнях, рака ж абнаўляецца са сваёй крыніцы і цячэ па сваім рэчышчы на працягу многіх тысяч гадоў» (Канстанцін Тышкевіч.[2] «Вілія і яе берагі»).

У сваёй кнізе «Вілія і яе берагі» граф Канстанцін Тышкевіч з Лагойска, вучоны і пісьменнік, якім ганарыцца ў нас пакуль толькі беларуская «свядомая» інтэлігенцыя, рыбалоўству на р. Віліі прысвяціў цэлы раздзел (IV).

Кніга нашага выдатнага земляка выдадзеная на польскай мове ў 1871 г. у Дрэздэне па матэрыялах экспедыцыі, здзейсненай ім у 1857 г. па Віліі. Была таксама складзеная карта ракі з падрабязна апісанымі перакатамі, парогамі, камянямі. Да гэтага свету былі вядомыя апісанні ўсяго трох рэк: Дуная, Рэйна і Тэмзы. Вілія на ганаровым чацвёртым месцы.

З усёй разнастайнасці іхтыяфаўны Віліі ўдастоіліся ўвагі графа Канстанціна толькі 15 асноўных рыб, якія ў той час «звычайна лавіліся»: шчупак, акунь, лінь, лешч, плотка, мянтуз, сом, бялуга, язь, вугор, галавень, выразуб, ласось, цырта і невядомы навуковай сістэме ганец. Рыба, зваўшаяся на рэгіянальнай простанароднай мове ганец была невядомая К.Тышкевічу, а гэта ж быў жэрах, які так сама іначай зваўся ў вярхоўях Віліі балень і жэраспень, што прывяло да памылковага меркавання графа, аб тым, што ганец не быў яшчэ не ўключаны ў навуковыю сыстэму.

Дальше