Пра Вяллю, рыбу і рыбалку. Нататкі вандроўніка з Вілейкі 2 стр.

Кніга нашага выдатнага земляка выдадзеная на польскай мове ў 1871 г. у Дрэздэне па матэрыялах экспедыцыі, здзейсненай ім у 1857 г. па Віліі. Была таксама складзеная карта ракі з падрабязна апісанымі перакатамі, парогамі, камянямі. Да гэтага свету былі вядомыя апісанні ўсяго трох рэк: Дуная, Рэйна і Тэмзы. Вілія на ганаровым чацвёртым месцы.

З усёй разнастайнасці іхтыяфаўны Віліі ўдастоіліся ўвагі графа Канстанціна толькі 15 асноўных рыб, якія ў той час «звычайна лавіліся»: шчупак, акунь, лінь, лешч, плотка, мянтуз, сом, бялуга, язь, вугор, галавень, выразуб, ласось, цырта і невядомы навуковай сістэме ганец. Рыба, зваўшаяся на рэгіянальнай простанароднай мове ганец была невядомая К.Тышкевічу, а гэта ж быў жэрах, які так сама іначай зваўся ў вярхоўях Віліі балень і жэраспень, што прывяло да памылковага меркавання графа, аб тым, што ганец не быў яшчэ не ўключаны ў навуковыю сыстэму.

Даведка.Іхтыяфаўна Віліі цяпер прадстаўленая 49 відамі рыб, 11 відаў заселеныя ў вадаёмы з мэтай гадоўлі. У Віліі жывуць тры прадстаўнікі кругларотых: міногі ўкраінская, ручаёвая і рачная. Сучасная іхтыяфаўна рэк і азёраў Беларусі шырэйшая, чым у Віліі, прадстаўленая 69 відамі рыб, сярод іх тры міногі; больш за 40 відаў рыб зяўляюцца абарыгеннымі. Аднак адзінымі буйнымі рэкамі ў сухапутнай Беларусі, звязанай наўпрост з морам, куды ідзе на нераст рыба, засталіся Вілія (бо яна ўпадае ў Нёман ніжэй Каўнаскага вадасховішча) і Заходні Буг, Нараў, што ўпадаюць у Віслу. Але вадасцёкі басейна Віслы (рэкі Заходні Буг, Нараў) на тэрыторыі Беларусі наўрад ці калісьці мелі нераставае значэнне для ласосяў і цырты, паколькі не адпавядаюць неабходным патрабаванням ні па гідралагічных, ні па грануламетрычных параметрах.

Пасля таго, як мінула амаль 160 гадоў з апісанай графам Канстанцінам Тышкевічам разнастайнасці, тры віды рыб зніклі цалкам. Гэта два прахадныя віды, што заходзілі з мора на нераст,  балтыйскі сіг і бялуга (атлантычны асётр або нямецкі асётр), і адзін абарыгенны від выразуб. Колькасць астатніх відаў рыб скарацілася да крытычнай адзнакі. Практычна зніклі (па словах мясцовых жыхароў) неўзабаве пасля будаўніцтва плаціны Вілейскага вадасховішча ў 1974 г. У той жа час агульная колькасць відаў рыб у Віліі за 160 гадоў павялічылася на 11 за кошт інтрадукаваных для прамысловай гадоўлі і нетутэйшых інвазіўных, смеццевых, малакаштоўных парод.

Пра выразуба (мясц. віразуб) ніхто са старажылаў увогуле не памятае, не ведае, калі ён знік з Віліі. Тым больш дакладна і зараз невядома навукоўцам, ці быў выразуб у Віліі, бо гэты від больш характэрны для рэк Каспійскага і Чарнаморскага басейна. Пра сіга старыя рыбакі і сёння з захапленнем расказваюць, як яго здабывалі да 70-80х на Віліі, асабліва ў вусці Нарачанкі, і потым нават ў пачатку ХХІ стагоддзя, ён зноў пачаў выпадкова трапляцца каля в. Трапалава, і ў г. Вілейка. Але гэта быў не той, не балтыйскі сіг, апісаны К. Тышкевічам, а сіг чудскі, паспяхова інтрадукаваны від, які з 1928 г. гадуюць на воз. Нарач. Сіг балтыйскі ў Віліі не сустракаецца з канца XIX ст.

Апісваючы бялугу, К. Тышкевіч класіфікаваў рыбу (acсipenser huso), якая належыць да сямі асятровых.

Даведка.Асятровыя аcіpenserіdae (лацінская); бялуга huso (старажытнагерманскія мовы). Сямя асятровых уключае 4 роды: бялугі, асятры, сцерлядзі і блізкія віды.

Найбольш праўдападобна, што апісаная К. Тышкевічам «бялуга» ўсё ж не была класічнай, самай вялікай прэснаводнай рыбай з роду бялуг (huso huso), а быў гэта нямецкі (атлантычны або балтыйскі) асётр (acipenser sturio), самы вялікі з роду асятроў. Міфы-ўспаміны пра бялугу (балтыйскага асятра, «вялізную рыбу з мора», «беларыбіцу») на Віліі да гэтай пары захаваліся ў народнай памяці. З пакалення ў пакаленне перадаецца міф, як у 1927 г. злавілі бялугу ў в. Кастыкі. Жыхары в. Гліннае і цяпер узгадваюць міф пра тое, як спрабавалі здабыць бялугу («рыбу з мора») у 1926 г. Аналагічны выпадак адбыўся ў 1947 г. на Віліі ў вусці р. Ілія і быў распаведзены жыхаром адселенай пры будаўніцтве Вілейскага вадасховішча старажытнай в. Рыбчына. Таксама жыхары Ністанішак прыгадваюць здабычу (у 50-я гады?) каля Рымшынентаў «рыбы з мора» вагой сем пудоў найбольш праўдападобна, балтыйскага асятра. А зам. дэкана біяфака БДУ, біёлаг і іхтыёлаг, які нарадзіўся на берагах Віліі, прыгадаў, як яму расказвалі, што апошніх двух асятроў здабылі ў Вялейцы ў 1953 годзе.

Даведка. Апошніх двух асятроў у Віліі (у межах г. Вілейкі) злавілі ў 1953 г. Праз сто гадоў пасля экспедыцыі Тышкевіча гродзенская рыбалоўная арцель злавіла апошняга асятра ў р. Нёман у 1957 годзе (Вілія асноўны прыток Нёмана, і відавы склад іхтыяфаўны да 1974 года быў індэнтычны). Апошні вядомы выпадак вылаву балтыйскага асятра на тэрыторыі Польшчы зафіксаваны ў верасні 1965 года ў Вісле непадалёк ад г. Хэлмна. Гэта была самка вагой 136 кг і даўжынёй 281 см. Непасрэдна ў Балтыйскім моры аcipenser sturio быў злоўлены эстонскімі рыбакамі ў Рыжскай затоцы ў 1996 годзе. Гэта была самка вагой 135 кг, а даўжыня складала 290 см.

Падчас сплаву па Віліі ў 2009 г. ад мясцовых жыхароў атрымаў інфармацыю пра тое, што вясной у сетку ў раёне Белай Гары (той, што ніжэй за Жодзішкі, бо на беларускай частцы Віліі маюцца чатыры ўрочышчы Белая Гара) трапіўся экземпляр з сямі асятровых на 5 кілаграмаў, магчыма, сцерлядзі або балтыйскага асятра. Пра аналагічны трафей з сямі асятровых, здабыты ў 1992 г. у раёне вадаскіду Вілейскага вадасховішча, мне пад вялікім сакрэтам расказалі знаёмыя рыбакі. Турыст з вялікім досведам з Вілейкі Міхаіл Петух, які зяўляецца прадаўжальнікам справы Віталя Кастэнкі па штогадовых сплавах па Вяллі Шляхам Тышкевіча, у 2005 г. у раёне Мелі назіраў, як паралельна з байдаркай ішла рыба памерам 0,5 метра з характэрнымі прыкметамі асятровых, праўдападобна сцерлядзь. Магчыма, гэта «рыбацкія байкі», а магчыма сенсацыя: відаць, асятровыя, зноў вярнуліся ў Вілію. Ва ўсякім разе мясцовыя жыхары і рыбакі, на жаль, надзвычай асцярожныя, не робяць фотаздымкаў унікальных трафеяў. Не кажучы пра чучалы, бо баяцца пакінуць якія-небудзь улікі, за якія яны могуць быць прыцягнутыя да адміністрацыйнай і нават (пры паўторных выпадках) крымінальнай адказнасці. Хаця маглі б рызыкнуць дзеля навукі і пасля таго, як скончыцца тэрмін даўнасці (3 гады), «рассакрэціць» інфармацыю. Прашу толькі не тлумачыць маю думку памылкова: я заклікаю ўсіх рыбакоў спачатку фатаграфаваць выпадкова вылаўленыя ахоўныя, асабліва каштоўныя для іхтыяфаўны трафеі і адразу адпускаць рэдкую ахоўную рыбу назад.

Унікальнасць Віліі і рэк яе басейна ў маштабах рэспублікі цяпер заключаецца ў наяўнасці трох відаў прахадных рыб: кумжы, сёмгі (ласось), рачной міногі (сямідырка, вугрыца) і аднаго віду паўпрахадных рыб: цырты (рыбец), якія ўжо паўстагоддзя ў іншых рэках Беларусі проста не сустракаюцца (рыбец абарыгенны прэснаводны сустракаецца ў Прыпяці і Дняпры, але ён драбнейшы за марскога паўпрахаднога). Канстанцін Тышкевіч апісаў у манаграфіі ласося і цырту, межы іх міграцыі (заходу ў вярхоўі) падчас нерасту.

Згодна з назіраннямі, якія правёў граф Тышкевіч, «у верхняй, «балотнай», частцы Віліі, да Данюшава часцей ловяць ляшча, акуня, плотку, астатнія віды рыб у ніжняй, «каменнай», частцы, хаця адзначаўся заход з ямаў і лоўля ў верхняй частцы выразуба, ганца і часам нават цырты, што ловіцца падчас нераставання каля вёскі Сосенка. Ласось, які трымаецца ля вусця Віліі паміж Янавам і Коўнам, здзяйсняе часам вандроўкі да Вільні, вясной нават да Ашмянкі, дзе і ловіцца ў той час

Ганца вылоўліваюць паблізу ад Жодзішак. Вугор у ваколіцах Вільні часцей за ўсё знаходзіцца. Цырта ў чэрвені шчодра вакол Янава ловіцца. Расказвалі мне, што ў ваколіцах Верак [прыгарад Вільні, Вяркяй, бел. Веркі] часам карпы ловяцца; здаецца, што рыба гэтая заблукала недзе з мясцовых карпавых ставоў, бо не належыць да ліку рыб, якія пастаянна запаўняюць раку Вілію. Толькі адзін шчупак свабодна прагульваецца ад вытоку да вусця, спраўляючы паляванне і наводзячы страхі на меншую рыбінку, якую па дарозе пераследуе, даганяе і праглынае. Усюды пераслед і ганенне; у цэлым у прыродзе, як мы бачым, у права больш моцнага ёсць перавага над больш слабым. У паветры, на зямлі і ў вадзе усюды такія ж звычаі. Як шчупак будзе паляваць на малую рыбку ў рацэ і яе прыгнятаць і крыўдзіць; як сіпы, арлы, каршуны пагражаюць меншым за іх птушкам, так і чалавек прыгнятае чалавека на зямлі»

Падчас сплаваў па Віліі ў 19772017 гг., слухаючы рыбакоў і прыбярэжных жыхароў, мне пашчасціла прыкмеціць новыя факты пра межы міграцыі ў вярхоўі Віліі ласося, цырты, жэраха, сома, вугра, якія адрозніваюцца ад класічнага даследавання Тышкевіча.

Пра ласося. На нераст у Вілію заходзілі і цяпер заходзяць два віды ласося: сёмга і кумжа.

Сёмга(Salmo salar). Аказваецца, ласось атлантычны заходзіў на нераст па Віліі значна вышэй вусця Ашмянкі (мяжа, якая занатавана у К. Тышкевіча): у 1910 г. вялікага ласося (сёмгу) вылавілі ў Кастыках; у Жодзішках ласось быў вылаўлены ў 1937 г. рыбакамі Дудзінскім, Кудзіным, Антонам Мізулай; вышэй вусця р. Уша Ясь Сапач вылавіў ласося ля ўрочышча Тапчак у 1938 г.; ля вусця р. Нарачанкі рыбакі з в. Швяды злавілі ласося ля ўрочышча Котра (Котла?) у 1946 г.; у раёне в. Трапалава Вілейскага раёна ў 1952 г. Іванам Мікалаевічам Мамаём, 1900 года нараджэння, была здабытая сёмга (ласось) на 32 кілаграмы. Гэтага ласося прадалі за збожжа ледзь не адзін да аднаго амаль за мех жыта, бо ў той год вясной быў голад. Апошняя згадка пра сёмгу каля р. Тартак адносіцца да 1999 г.

Назад Дальше